Вітаем Вас на паэтычнай старонцы Аркадзя Куляшова
Прыціхнуў боль,
Адна туга тупая...
Не пазваніць табе,
Не адшукаць...
Як шчырасці тваёй мне не хапае,
Як не хапае мне цябе, Аркадзь.
Лісток, з галінкі адарваны, шаснуў
Ля сэрца,
Паляцеў — не здаганю...
Гарыць касцёр твой
Ля шашы Варшаўскай,
I кожны дзень
Бягу я да агню.
Штодня жыву між кніг тваіх і песень,
I ціха на зямлі тваёй плывуць
Любімыя табой Віхра і Беседзь
I ў акіян жыццё тваё нясуць.
Цяжкім ты пры жыцці быў ці інайшым,
Каго ты не любіў,
Каго любіў, —
Пачнуць хлусіць мемуарысты нашы...
А праўда ўся:
Ты Куляшовым быў.
Ты мудры быў —
I тут мне не пярэчаць —
I ўсё аддаў праўдзіваму радку...
Ты марыў зноў праплыць па роднай рэчцы,
Каб сонца з вёслаў капала ў раку.
Асенні дзень.
Лятуць на поўдзень гусі.
Над Свіслаччу стаю я пад вярбой
I скарджуся,
I радасцю дзялюся,
I, як заўсёды, раюся з табой.
Пад сонцам
I пад небам перуновым
Цяжэй нам без цябе пісаць і жыць...
I кружыцца планета Куляшова,
I песня пра Алесю ўсё звініць.
Лепшыя вершы
Не з горшых той сусед, якога...
Не з горшых той сусед, якога
Спрадвеку трунаром завуць.
Твой конь прапаў — што тут такога? —
Але яму прыемна чуць.
Ляжыш ты ў ложку, нездаровы,
Ён рад наведаць твой катух.
Чакае ўжо, калі гатовы
Ты будзеш да яго паслуг.
А як не ўстанеш, то змайструе
Табе па мерцы ён труну,
Прамову скажа, хоць якую,
А як папросяць — не адну, —
Ад бессардэчнасці той страты,
Што час прадухіліць не змог,
Аб даўгавечнасці той хаты,
Што з дошак збіў не ён, а Бог.
Пасля прыляжа, смерці лёкай,
З рыдлёўкай разам на траву...
«Ну вось — і гэты ўжо далёка,
А я працую. Я жыву!»
Нясу, як ранец за спіной, здалёку я
Аж шэсць дзесяткаў спакаваных зім.
Важкая гэта ноша альбо лёгкая,
Хто знае? Справа не ў гадах зусім.
I плённы дзень заважыць пяцігодкаю,
I пяць гадоў бясплённых — марным днём.
Не падсумоўвай паквартальнай зводкаю
Таго, што вымяраецца радком.
Здавалася мне слава явай блізкай
Тады, калі схілялася ў цішы
Паэзія, як маці над калыскай,
Над сненнем недасведчанай душы.
Каб рос хлапчук, не дбаючы аб цудзе,
Каб не лічылі людзі сысунком,
Яна да болю матчыныя грудзі
Пякучым націрала палыном.
Пасля, малыя выверыўшы крокі
На бітым шкле і на жарстве дарог,
Рукою паказала свет шырокі
I босага пусціла за парог.
З тых дзён, калі падносяць кубак славы,
Я лішняе спакусы не глыну,
Бо ўсё яшчэ мне помніцца гаркавы
На смаглых вуснах прысмак палыну.
Хоць я працую ноччу, днём
I адвячоркам зорным,
Ды не магу сябе валом
Назваць, тым болей — чорным.
А вось адвыкнуць ад стала
Пяро, папера, слова —
То я падобным на вала
Раблюся паступова.
Спачатку я здзіўляю ўсіх
Тым, што з паперай белай
Даўно не размаўляю ўслых
На мове зразумелай.
Пасля, на нейкай там вярсце,
Змрачнець я пачынаю —
Тугой, што ўсё расце, расце,
Як шэрсцю, абрастаю.
Пасля ў ярме ўжо шыю гну,
Ад пашы адвыкаю,
Як чорны вол, цягну труну
Суцэльнага адчаю.
За мной ідуць — за радам рад —
Ахутаныя горам
Гады мае, і ўжо назад
Ім азірнуцца сорам...
А як працую за сталом
Я днём і часам зорным,
То не магу сябе валом
Назваць, тым болей — чорным.
Адзіны серп на сённяшнім жніве
Заглух той дом, што быў маім гняздом,
Што ў свет пусціў і радасць і бяду маю.
Не вечна ўсё пад месяца сярпом,
Хоць ён не зжаў нікога, — так я думаю,
Сялом і полем ідучы з кійком.
Мой след, што пяцьдзесят гадоў назад
Знаёмы быў з вясёлай сцежкай школьнаю,
Пакрыла забыццё травой няўмольнаю.
Ды смешна прагай папракаць няўтольнаю
Зялёную траву, якой я рад.
Электрастанцыя над рэчкай сіняю,
Магутнасцю на сорак кілават,
Не свеціць больш, хоць ёй гадоў няшмат.
Ніхто, апроч высакавольтнай лініі,
У змрочнасці яе не вінават.
Камбайн, жніва гарачага ўладар,
Давёў сярпы да стану непрыгоднасці,
Не вечна ўсё. Конь хоць не страціў годнасці,
Але і ён ва ўладзе неабходнасці
Таго, што сеў на трактар гаспадар.
Старэючы, і я сачу з трывогаю
За часам, што мяне перажыве.
Тут месяц ні пры чым. Няхай плыве
Ягоны серп над палявой дарогаю
Адзіны серп на сённяшнім жніве!
Мой маналог, як палымяны конь...
Мой маналог, як палымяны конь,
Пачуўшы подых бур, стрыжэ вушамі,
Спяшаецца, паразмаўляўшы з вамі,
Ад вечнага агню ў жыцця агонь.
Між намі лёс правёў размежаванне:
Вы — скрыжаванне рук, я — крокаў рух.
Аднак саюз мужчынскі — не каханне,
Дзе трэці лішні пакідае двух.
Наш брацкі вузел не парве, я знаю,
Ні адгрымеўшы, ні наступны бой.
Я, ваша памяць, вас не пакідаю,
Бяру з сабой, як клятву, як набой.
Злучыліся: з дарогамі дарога,
З лістамі дрэва, са слязою пыл,
I ў сэрцы тым, дзе ўсёй зямлі трывога,
У тры разы прыбавілася сіл.
Хваробу, што здароўе падкасіла...
Хваробу, што здароўе падкасіла,
Нібы быка, за рогі мы бяром,
Пакуль жыве ў нядужым целе сіла
З уладай таямнічай над пяром.
Лепш цяжка жыць, чым быць бадзёрым трупам —
Гарэць агнём, якога ўжо нямаш,
Былой уладай пахавальны марш
Забараняць іграць крытычным трубам.
Лепш вечны сон, чым гэткай явы сны.
Хай на парозе небыцця такога
Мяне ў калыску з труннае сасны
Кладуць жывога так, як нежывога.
Нашто мне зрок, навошта гучны крок,
Хвілін імклівасць, цішыні хвіліны,
Турботы дня, апошнія навіны,
Крывёй не перагнаныя ў радок?
Датуль мне ў снах з'яўляліся яны...
Датуль мне ў снах з'яўляліся яны,
Пакуль не сталі вершамі маімі.
Час надышоў мне развітацца з імі —
Нібы застолле, апусцелі сны.
Згубіліся абліччы, змоўклі словы,
Зноў я адзін. У розныя бакі
Краіны той, дзе вечныя іх сховы,
Раз'ехаліся моўчкі дружбакі.
Няўжо даволі з іх той сціплай меры —
Трох метраў непрытульнае зямлі?
Той памяці, шматка тае паперы,
З якой яны радкамі прараслі?
А можа, гэта — самазахаванне,
Катораму без сноў такіх лягчэй?
А можа — абавязку выкапанне?
Дазвол сумлення — рухацца далей?
Яны ў мае наведваліся сны,
Праходзілі дарогамі былога
Адлегласць ад калыскі да труны.
Яны ў мяне на ўсё жыццё адны,
А ў іх, апроч майго радка скупога,
На ўсёй зямлі не знойдзеш больш нікога.
Як без мяне ім быць, а мне без іх?
Адна ў нас засталася на траіх
Мая дамоўка. Не хачу, каб з ёю
Засыпалі халоднаю зямлёю
Жывую памяць аб сябрах маіх.
Пакрыўджаную выракам суровым,
Яе не зацярушыць змрок сляпы,
Пакуль над захаваннем палыновым
Да іх, жывых, з непахаваным словам
Звяртацца будзе мой радок скупы.
Адзін памёр ад тыфусу брушнога...
Адзін памёр ад тыфусу брушнога
За кратамі, сярод муроў сырых.
Без стужак, без вянкоў, без некралога,
З кляймом абвінавачання цяжкога,
Згубіўся ён сярод магіл глухіх.
Другі на фронт з таежнага барака
Шчасліва ўцёк. За валам агнявым
Яго салдацкі штык вяла атака,
Там ён на смерць пад прозвішчам сваім
Хадзіў і пахаваны разам з ім.
Хай згублены сляды іх захавання,
Не страчаны іх сувязі з зямлёй.
Яна для іх — не вечны супакой,
А месца пасмяротнага спаткання,
Прызначанага ў памяці маёй.
Пакуль жыву, яны жывуць са мной.
Адзіным дрэвам дружбы мы раслі...
Адзіным дрэвам дружбы мы раслі.
З трох два сукі сякера смерці ссекла.
Не трапілі яны ні ў рай, ні ў пекла,
Працяг іх існавання — на зямлі.
Дагэтуль іх, нібы руку — бязрукі,
Нагу — бязногі, адчувае ствол,
Жывая верхавіна помніць мукі,
Рукой гвалтоўнай кінутых на дол.
Асуджаныя лёсам на знішчэнне,
Яны не падуладны сілам зла:
Карэнні ў дрэва ёсць апроч ствала,
Апроч карэнняў прагных ёсць насенне.
Праходзячы кругазваротны шлях,
Яно і іх вяртае ў схоў глыбокі,
Адкуль для новых дрэў карэнне сокі
Бярэ, зямлю трымаючы ў руках.