Сябры, каго вайна скасіла кулямі...

Tagged:  
Сярэдняя: 4.3 (12 галасоў)
Сябры, каго вайна скасіла кулямі,
Дыханне ваша чую за спіной.
Зноў грозна, разварушанымі вуллямі,
Гудуць франты...
                              Не ціхне вечны бой.

Зноў прыпадае з жалем Бесядзь родная
Да каранёў дуброў, да ног сяліб —
Хвалюецца, што нечысць вадародная
Даверлівых яе атруціць рыб.

Дубы глядзяцца ў глыб ракі, і кволыя
Спяшаюцца да завадзяў сады,
Каб стрэсці з плеч напалмавае полымя,
Што прагне перакінуцца сюды.

Вам цяжка дыхаць,
                                 вы ў адчаі просіце
Зямлю, каб адпусціла вас назад
На вольны свет.
                            Я знаю, вы зайздросціце
Жывым.
               А ім хіба лягчэй нашмат?