Да паэзіі

Сярэдняя: 3.4 (7 галасоў)

Я — вязень твой, а ты — мая турма,
Асуджан я любоўю пажыццёва.
Зняволенне маё датэрмінова
Ты скараціць спяшаешся дарма.

Дарэмна, заняволіўшы другога,
Ты варту памяншаеш мне ўдвая —
Не мае сэнсу гэта засцярога
I гэтая прадбачлівасць твая.

Я не збягу, пазбаўлены нагляду,
Не перастану ланцугом грымець,
Штодзень хадзіць на шпацыр па раскладу,
Галадаваць і ў карцэры калець.

Не можаш ты мяне пазбавіць мовы,
Змяніць мой лёс уладаю сваёй,
Не ты мяне абрала — вязень твой
Абраў цябе на тэрмін пажыццёвы.