Не сустракацца мне больш ніколі
Tagged:
Не сустракацца
мне больш ніколі
З маім маленствам
у чыстым полі,
З маім юнацтвам
у лесе цёмным,
З маім ваенным
жыццём бяздомным.
Па ціхіх вулках,
па трактах гулкіх
Прайшлі маленства,
юнацтва леты
I, перакуленыя ў рачулках,
Сплылі з вадою
на край планеты.
Яны ўжо —
кропля святла ў сусвеце.
А я, не вечны і нецярплівы,
Чакаць не згодны,
што нехта недзе
Праявіць некалі
іх негатывы.
Мне б хуткасць думкі,
бляск уяўлення,
Каб мог я словам
дагнаць праменне
I нечаканым
спыніць экранам
Гады былыя
на вокамгненне.
Я б галавою
прыпаў ссівелай
Тады б да ног іх,
ад шчасця плакаў,
У чыстым полі
паперы белай,
У цёмным лесе
чарнільных знакаў.