Балада

Сярэдняя: 4.4 (7 галасоў)

Можа, брамкі позні рып
Патрывожыў слых?
Можа, гэта рэчкі ўсхліп
Даляцеў і сціх?

А калі не брамкі рып,
Можа быць, тапор
Абуджае неруш рыб,
Патаемнасць нор?

Што за гук, што кожны год
Непакоіць сны,
Перайшоўшы цераз брод
Лета і вясны?

Гэта ноччу, каля тых
Лугавых ракіт,
Драч майструе для малых,
Дробных дзетак плыт.

Хоча ён сваіх сыноў
Хвалям перадаць, —
I рыпіць, рыпіць з лугоў
Нецярпліва снасць.