Пасля хваробы доўгай і цяжкой...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Пасля хваробы доўгай і цяжкой
Сябе я адчуваю як на фронце —
Не ў медсанбаце, не ў трафейнай роце,
А пехацінцам на перадавой.

Там дзень як век, світанне як вітанне,
Апроч атак, няма там іншых дат.
А баявое выканаў заданне —
Лічы, вярнуўся з вечнасці, салдат.

Мяне знішчаюць там агонь і сцюжа,
Хістае ледзьве чутны земляўздрыг,
І снайперская куля крывадушша
На мушку сэрца ловіць кожны міг.

Аб іншым я цяпер не мару шчасці,
Калі з імглы калючы бачу дрот:
Лаз для сяброў зрабіць у ім і ўпасці
Грудзямі на варожы кулямёт.