Мая Бесядзь

Сярэдняя: 3 (54 галасоў)
Кажуць, што рэкі птушкамі створаны, —
Такімі малымі на першы пагляд, —
Капалі і ў дзюбах адносілі ў бор яны
Мяшэчкі з зямлёй
I ляцелі назад.
А каня гуляла ды мыла іх здзекамі,
I птушкі паслалі ёй вечны праклён,
Таму і лятае яна над рэкамі
I просіць піць
Аж да сённяшніх дзён.
Канаючы ўлетку штодня на спякоце,
Той рэдкаю кропляй яна існуе,
Што хмарка, дажджом прашумеўшы ў
                                                                   лістоце,
З нябёсаў часамі пашле для яе.
Я, ўпарты, не кіну пачатае справы,
Каменне крышу,
Разграбаю пяскі,
Пад кпіны аматараў лёгкае славы
Капаю рэчышча ўласнай ракі.
З надзеяй гляджу на крыніцу спатканую,
Хачу, каб яна разлілася ракой...
Не Волгай магутнай,
Не нават Камаю,
Хоць Беседдзю, што на радзіме маёй.
Бо прагай да працы ахоплены часта я,
I сэрца абпалена смагай радка,
Бо жыць не магу,
Як каня няшчасная,
Кропляй дажджу з лесавога лістка.