Навагодняя ёлка

Яшчэ не ацэнена
Хлопчык з варожай блакады
      быў вырвацца рады.
Бег ён, ад маці адбіўся,
      стаміўся, спыніўся.
Ён апынуўся адзін
      між калматых ялін.
Пасля смяротнай трывогі
      не йдуць яго ногі.
Хлопчык прылёг на сумёт
      пад яловае вецце.
А ў гэты час Новы год
      пачынаўся на свеце.
Чым хлапчуку
      навагодняе свята не свята?
Снег на яловым суку,
      як бліскучая вата,
Срэбныя зоры вісяць
      і не падаюць з ёлак —
Ніткай, відаць,
      прывязаны да хвойных іголак.
Замець, нібы канфеці,
      закружылася ў голлі,
Так Новы год у жыцці
      не страчаў ён ніколі.
Месяц над ім захістаўся,
      як быццам з кардону, —
Цацкай малому ён здаўся
      у час яго скону.
Так і заснуў і не ўстаў
      хлопчык той і не ўстане,
Снежны сумёт не растаў
      і зімой не растане.
Бо то не казка зімовая —
      праўда суровая,
А калі нават і казка,
      дык іншая, новая.
Казка Айчыннай вайны
      і лясное палянкі,
Не каралевіч заснуў там,
      а сын партызанкі.
Сын партызанкі!
      Хоць замеццю пад яліною
Быў ты засыпаны —
      смерць не ўладар над табою.
Песняй спілую
      я ў лесе тую
      яліну —
Гоман зялёны,
      скарб незлічоны
      на плечы ўскіну
I панясу да людзей
      па жывых пяцігодках,
А ўсё далей і вышэй
      па гадах, як па ўсходках.
Так з году ў год,
      ад вяршыні да новай вяршыні,
Пад Новы год карагод
      упрыгожваць яліне.
Быць ёй і ў тым дарагім
      і высокім палацы,
Створаным майстрамі
      камуністычнае працы...
Сціхнуць у вецці былыя
      вятры і завеі,
I загарацца людскія,
      як сонца, надзеі.
Там у хвіліну жалобы,
      ў хвіліну маўчання
Людзі згадаюць,
      як хлопчык замёрз на паляне.
Быль аб малым
      што ні год будзе жыць
      у народзе —
Памяць аб ім
      у святочным кружыць
      карагодзе.