Зямля

Сярэдняя: 4 (1 голас)

Зор вам ніяк не злічыць, астраномы,
Вабіць даўно вас сусвет незнаёмы.

Колькі вы ў марах ракет
Збудавалі,
Колькі планет
Вы на іх абляталі?

Тысячагоднія вашы намеры
Спраўдзяцца некалі не на паперы.

Вас у абдымкі касмічнага пылу
Кіне матор на ўсю моц, на ўсю сілу.

Ён, несучыся наперад нястомна,
Будзе вучыць вас, як жыць эканомна:

Дасць вам на суткі паветра з балону,
Каб вашы сэрцы не ведалі скону,

Дасць і вады з механічнае флягі
Столькі якраз, каб не ўмерлі ад смагі.

Дасць вам аднойчы, адкінуўшы шторы,
Глянуць з ракеты імклівай на зоры.

Так вам убачыць здалёк давядзецца
Зорку, якая Зямлёю завецца.

Хоць не адрозніць вам праз тэлескопы
Там ані Азіі, ані Еўропы,

Толькі вам радасна будзе, вядома,
Знаць, што Зямля вам з маленства знаёма,

Знаць, што жывуць і кіруюць Зямлёю
Людзі адзінай працоўнай сям'ёю,

Знаць, што яны на арбітах сусветных
Слаўны жыццём без багатых і бедных,

Знаць, што здабыткі, здабытыя імі,
Здалеку вам не здаюцца малымі, —

Ярка вам свецяць здалёк, як нікому...
— Годзе, — вы крыкнеце, — час нам дадому!

Здзейсніць мы здзейснілі нашу задачу,
Поўную людзям дадзім справаздачу:

Як мы ляцелі хутчэй метэора,
Сорак гадоў не глушылі матора,

Восем вялікіх планет абляцелі,
За падарожжа зусім пастарэлі.

Сорак гадоў па нябёснай пустэлі
Мы не за ўласным багаццем ляцелі:

Мы для зямлі ўсёй, нібы вадалазы,
З неба глыбінь здабывалі адказы.

Хочам цяпер мы, нябесныя госці,
Там, на зямлі, пахаваць свае косці,

Хочам паветра глынуць
Не з балону,
Хочам на край свой зірнуць
Па-былому,

Чуць, як хістаюцца
Хвойныя нетры,
Як там купаюцца
Дрэвы ў паветры,

Чуць, як калоціцца неба ад грому.
Годзе, — вы крыкнеце, — час нам дадому!

Будзе прыемнай назад вам дарога —
Быццам салдатам з паходу цяжкога.

Здасца зямля вам, ад смагі зялёным,
Флягай з вадою, балонам з азонам.

Здасца яна вам, шчаслівым бясконца,
Хлебам ружовым, што выпекла сонца.