Алёнка

Сярэдняя: 5 (1 голас)

На старым скрыжаванні шляхоў,
Сярод жытніх прастораў пад гаем,
Сустракаюць чырвоных байцоў
Бабы песняй, дзядзькі караваем.

Дзеці з дрэў прыдарожных даўно
На гарматы глядзяць, на трохтонкі;
А чаму сярод іх не чутно,
Не відно сінявокай Алёнкі?

Дзе ж яна? Сёння весела ўсім.
Тут у полі гармонік іграе,
I забыліся дзеці зусім,
Што Алёнка ў сяле памірае.

Колькі жыць ёй, не варта пытаць
У залётнай зязюлі пра гэта:
Перастала зязюля куваць
У лясах да наступнага лета.

Хлебам-соллю вітаць не прыйшла
Пераможцаў Алёнчына хата.
Сумна ўдаль паглядае з сяла,
У баку ад агульнага свята.

З невясёлае хаты тае
Сілай летась Алёнку забралі,
Бралі кроў для салдат у яе
У ваенным фашысцкім шпіталі.

А калі занядужала там,
На збавенне надзея слабая,
Аддаваў яе вораг бацькам,
I Алёнка цяпер памірае.

Вось спыніўся ў цяньку каля дрэў
Волат-танк на старым скрыжаванні
Люк падняўшы, танкіст паглядзеў
На людзей, што ў святочным убранні.

Ён пазнаў і бярозы, і нас,
Мы ж яго не адразу пазналі.
У сяле ён лячыўся ў той час,
Калі нашы на ўсход адступалі.

Як танкіста змянілі гады!
Быў ён босы ў той час, без шынелі.
Меў ён выгляд чарнявы тады,
А цяпер валасы пасівелі.

Людзі сціхлі, замоўк гарманіст,
Ды, відаць, між натоўпу людскога
Не знайшоў, каго трэба, танкіст,
Люк закрыў, не сказаўшы нічога.

Танк рвануў, пылам след замяло,
У паклоне згіналася жыта
Перад ім па дарозе ў сяло, —
Ты не ўсімі, Алёнка, забыта!

Гэта ж дзядзька той самы, каго
Ты ў няшчасці былым даглядала,
Клала ў ранец паходны яго
Хлеб і сала, калі выпраўляла.

Хоць ляжаць на ягоным шляху
Караваяў святочныя горы,
Не забыў ён той хлеб і страху,
Што яго не пакінулі ў горы.

Што з пасцелі сваёй не ўстаеш,
Можа, сілы не маеш устаці?
Што гасця свайго не пазнаеш
Ці не можаш пазнаці?

Што ляжыш галавою на кут,
А нагамі к парогу?
Хто збіраў цябе тут
У такую дарогу?

Уставай жа з пасцелі сваёй
Пасля чорнае ночы,
Глянь на сонейка, покуль зямлёй
Не засыпалі вочы!

Каб устаць твае ногі маглі,
Гай за вокнамі б вырас,
Для цябе па зялёным галлі
Закувалі б зязюлі другі раз.

Каб расплюшчыла вочы свае,
Луг за вокнамі б вырас,
Кветкі ўсе для цябе аднае
Зацвілі б сярод лета другі раз.

Каб вярнулася ты да жыцця,
Новы б свет за акном тваім вырас,
Валасы б у танкіста-гасця
Пачарнелі б другі раз.

Каб смяротных не знала пакут,
Госць не так развітаўся б з табою,
Не даваў бы з гарматы салют,
Развітальны салют за сцяною.

Гучна стрэламі цішу рвучы,
Ён імчаўся, грымела дарога;
Ён ляцеў, за сабой несучы
Горкі пыл скрыжавання старога.

Ён на ворага мчаў, ад таго
Вербы гнуліся,
Сосны стагналі.
Ён на захадзе знік.

Без яго
Мы Алёнку сваю пахавалі.