Маё пасведчанне
Tagged:
Дадзена яно сабе самому
Ў тым, што нарадзіўся ў год вайны.
Нянек не было ў мяне, вядома,
Песень не спявалі мне яны.
Думала вайна, як кананадай
Лепей ёй мяне закалыхаць;
Клапацілася, як лепш блакадай
Рукі мне і ногі спелянаць.
Шмат вайной людзей закалыхана,
Многа спіць іх у зямлі сырой.
Выйшаў я на бой смяротны рана
З нянькаю няпрошанай людской.
Колькі раз мне на гарах, на сопках
Засцілала свет вайны імгла?
Колькі раз паставіць куля кропку
Пад маім пасведчаннем магла?
Зведаў я ўсе бітвы на планеце,
Кожны дзень ішоў з агню ў агонь.
Трыццаць сем гадоў жыву на свеце —
Болей чым трынаццаць тысяч дзён.
З баявою выкладкай салдата
Праз эпоху бур праходжу я.
Колькі год мяне чакае хата,
Мой бацькоўскі кут, мая сям'я?
Забяжыш, бацькоў абдымеш, жонку
I дзяцей прытуліш да грудзей,
Ды ізноў — калонам наўздагонку —
У бой за мір і шчасце для людзей.
У суровы век жыву сурова,
Жыць інакш не здолеў бы зусім.
Сведчаннем таму вось гэта слова,
Што пранёс я праз агонь і дым.
Сведчаць гэта ўсё
лясы і гаці,
Сведчыць гэта ўсё
Зямля сама —
Круглы шар, падобны да пячаці,
На якім жыву я не дарма.