Чмель

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Тут гулі гарматы,
Рваліся снарады,
Дрэвы на кавалкі трушчылі, ламалі;
Тут свісцелі кулі,
А цяпер зязюлі
У маўклівым лесе зноў закукавалі.

Чмель расправіў крылы лёгкія, шкляныя,
Паляцеў на кветкі ў закуткі лясныя,
Гудзе таямніча,
Тыя кветкі ліча,
У траве памятай ліча кветкі тыя.

Колькі іх смяротным спалена пажарам,
Колькі палягло іх пад цяжкім ударам,
Ведаць ён жадае,
Весткі ён збірае,
Каб расказваць сонцу, каб расказваць хмарам.

Хай змываюць хмары чыстымі дажджамі
След вайны нядаўняй, што прайшла лясамі,
Хай жа тое сонца, што ўстае з усходу,
Дасць зацвіўшым кветкам ясную пагоду,
Каб з тых самых кветак
Ён сабраў для дзетак
Мёду залатога,
Хлеба маладога.