Вянок
Tagged:
Там, дзе сінее Свіцязь,
сто зім назад, сто лет,
Ці, можа, больш, —
дзяўчыну
кахаў юнак-паэт.
Кахаў, але дзяўчына
заручана з другім
I будзе павянчана
з багатым,
а не з ім.
Яна ў вянчальным плацці
сустрэцца з ім прыйшла.
Яму на развітанне
яна вянок спляла.
Вянок той з простых кветак
ён браў, сказаўшы ёй:
— На ўсё жыццё, Марыля,
я з гэтай хвілі твой.
У гэты час, Марыля,
я дам табе зарок,
Што для цябе таксама
спляту я свой вянок...
Пабраўшыся за рукі,
стаялі так яны,
Пакуль не зазваніла
іх ростань у званы.
— Бывай!.. — яна сказала.
Чакаў яе касцёл.
Яго ж туга чакала
маўклівая, як дол.
На звон касцёльны бегчы
ёй не хапала сіл,
А ён упаў, няшчасны,
з яе вянком у пыл.
А як устаў з дарогі,
то быў чарней ад хмар —
На лес падобны быў ён,
якім прайшоў пажар.
З тых дзён любві на свеце
ён не шукаў сабе,
Аддаў ён сваё сэрца
і песні барацьбе.
Памёр ён на чужыне...
А перад смерцю ён
Згадаў сваю Марылю —
любоў юнацкіх дзён:
— Марыля! З дзён разлукі
цябе не бачыў я,
Ты ад мяне далёка,
каханая мая.
Але ў жыцці са мною
заўсёды ты была.
Я плыў бурлівым морам,
і ты са мной плыла.
I вось я паміраю
на старане чужой,
З табой я размаўляю, —
ты і цяпер са мной.
Дзе б я ні быў, заўсёды
я помніў свой зарок:
Калісьці абяцаны
я сплёў табе вянок.
Я плёў яго ў выгнанні,
нявянучы, жывы,
З найлепшых кветак родных
і роднае травы.
Я рваў іх з свайго сэрца,
а не з лугоў і ніў,
Я іх слязою чыстай,
нібы расой, абмыў.
Я поясам абвіў іх,
сатканым з туманоў,
Ды светлай доўгай стужкай
мной пройдзеных шляхоў.
Вянок мой — гэта радасць
і боль душы маёй,
Вянок — мой спеў,
што кліча з нядоляю на бой.
Здалёк паслаў апошні
Марылі ён прывет...
Нямала з той часіны
мінула зім і лет.
Але не забывае
народ аб ёй, аб ім,
Іх памяццю вянчае,
нібы вянком сваім.
Вянчае не ў касцёле,
не перад алтаром,
А ў лесе на начлезе,
а ў полі за рулём.
Там, дзе сінее Свіцязь,
сярод палёў, лясоў,
Жыве паэта імя,
жыве яго любоў.