Ты і я

Яшчэ не ацэнена
Я сустрэўся з табой маладою,
      як быў маладым.
Ты была маёй любай зямлёю,
      я — морам тваім.

Ты імкнулася ў далеч прастораў
      бясконцых марскіх,
Я ж — да сэрца твайго,
      дзесь схаванага ў нетрах лясных.

Ды па хвалях бурлівых марскіх
      ты не знала дарог,
Цераз пушчы прабіцца
      да сэрца твайго я не мог.

Адчаго не была ты ў юнацтве
      імклівай ракой?
Я б аддаў табе ўсе свае хвалі,
      каб зліцца з табой.

Адчаго я не полымем быў,
      калі быў юнаком?
Я б прайшоў праз усе твае пушчы
      кіпучым агнём.

Дні юнацтва, як хуткія ветразі,
      зніклі з вачэй.
Не, не тыя ўжо хвалі
      і мора, штогод, то цішэй.

Што ні год, то цішэй...
      і ярчэй у ім з цягам гадоў
Выступаюць абрысы
      жаданых даўно берагоў.

Зноў — зямля ты, я — мора,
      і час разлучыць нас не змог:
Я на вольным прасторы,
      шчаслівы, ля ног тваіх лёг.

Вечна я ў тваёй памяці,
      вечна ты ў сэрцы маім,
I ляжу прад табою
      я светлым люстэркам тваім.