Быль аб цымбалах і цымбалісце

Сярэдняя: 3 (2 галасоў)

Нарадзілася разам з вайной
I пайшла па народзе
Быль аб тым, як у вёсцы адной
Жыў музыка з цымбаламі ў згодзе.

Ды ў вайну застагналі бары,
Пушчы, рэкі, лугі заліўныя.
Не звіняць на зары
Струны медныя,
Струны стальныя.

Цымбаліст за вайною
Пайшоў і павесіў цымбалы
На сцяне пад страхою,
Каб людзі не сумавалі.

Даганяць свае песні на ўсход
Ён пайшоў, іх чужынцы прагналі,
Жыць не мог ён, сцвярджае народ,
Без тых песень, што ў сэрца запалі.

А краіну сваю, без якой
Жыць не мог, край вялікі,
Захапіў у дарогу з сабой, —
Умясціў ён у сэрцы музыкі.

Умясціў незлічоныя дрэвы,
Птушыныя спевы,
Хаты ўсе і парогі,
I срэбныя месяца рогі.

Як у хаты рабункі чыніць
Панаедуць чужыя салдаты,
Сэрца ўраз зашчыміць, зашчыміць,
Бо ўмясціла ўсе хаты.

Як задушаць пятлёй
Дзядзьку там на бярозе пахілай,
Сэрца ўраз абліецца крывёй,
Бо і дрэвы ўмясціла.

А ў той час,
Як яно абліецца крывёю,
На радзіме цымбалы ў адказ
Зазвіняць пад страхою.

Моўчкі слухаюць іх мужыкі,
Рукі зброю намацваюць самі.
Пагражаюць штурмавікі
Паіграць на цымбалах штыкамі.

Ды цымбалы гучаць каля хат,
Па сялянскіх дварах, па дубровах,
Ёсць на Міншчыне, Піншчыне шмат
Пушчаў, хат, што схаваць іх гатовы.

Гэта ўсё пад гамонку дубоў
Расказалі нам людзі бывалыя.
Хутка прыйдзе дамоў
Цымбаліст
За сваімі цымбаламі.

Ён ідзе. Толькі знойдзе іх дзе?
Хат на Піншчыне, Міншчыне многа.
Сэрца крокам падлік вядзе —
Сэрца знае дарогу.

А цымбалы? I іх не стрымаць,
У адказ загудуць, зазвіняць,
Крокі чуючы тыя,
Струны медныя,
Струны стальныя!