Запісная кніжка

Tagged:  
Сярэдняя: 3 (2 галасоў)
                                            Кайсыну Куліеву

1
Галоўнае ўжо сказана. Што можна
Да сказанага некалі дадаць?
Я кніжку запісную асцярожна
Кладу на стол. Гартаць ці не гартаць?

Тут запісы хвіліны непаўторнай,
Сабраныя пад вокладкі страхой.
Я давяраў іх памяці маторнай
I зрокавай, не верачы другой.

Ты, кніжка запісная, — дом, дзе свішча
Скразняк гадоў, віхор няспелых дум,
Кладоўка для зярнят і папялішча
Пачуццяў марных, пушчаных на глум.

Ты — клінапіс з неразгаданай вяззю,
На турмы не падобная турма,
Дзе вобразам маім, забытым вязням,
Прызначанага тэрміну няма.

Наглядчык строгі іх пазбавіў руху,
Фантазія ім хлеба не дае.
Як рэактыўны лайнер хуткасць гуку,
Час абганяе запісы мае.

Заслона хмар над імі ходзіць нізка,
Спускаецца імгла, нібы на дол,
На іх страху...
                         Ах, запісная кніжка,
Навошта я кладу цябе на стол!

2
Маім радкам ты некалі была
Затокаю сярод лясоў зялёных:
Нямала лодак, і мастоў пантонных,
I караблёў ты мору аддала.

Цяпер з табой мы не дамо ім рады.
Як і раней, іх глушыць часу гул.
Як і раней, цікуюць іх піраты,
Тарпеды, што падобны на акул.

З гадоў мінулых да гадоў наступных
Яны прабіцца прагнуць на прастор.
Бацькоў сваіх суровых, але рупных,
Так пакідаюць дзеці з даўніх пор.

Што ім да нас?.. Хоць гэта мы з табою
Іх выпраўлялі. Гэта наш гарыць
Агонь ў топках іхніх, а з прабоін,
З цяжкіх прабоін наша кроў цурчыць.

Нядоўга слава балявала з намі,
Калі трубіла ім у гучны рог,
Затое пахаванкі груганамі
Ляцелі і ляцяць на наш парог.

А тыя, хто ўцалеў, што іх чакае?
Яны вінтамі за бядой бяду
Пераграбуць?..
                           Ах, кніжка запісная,
Я сёння зноў цябе на стол кладу!

3
Стань студняю бяздоннай на дарозе!
Перада мною мірная зямля...
Я словы напаю пры дапамозе
Драўлянага вядра і жураўля.

Хай цьмяны вобраз, што зіхціць намёкам
На дарагі для сэрца самацвет,
Дыхне паветрам і па лузе мокрым
Ідзе і пакідае дымны след.

Няўтульна спаць байцам вайны Айчыннай
Пад трыццацігадовым дзірваном —
Сагрэй іх канюшынавай аўчынай
I затулі бярозавым крылом.

Я даў зарок не пашыраць смяротнасць,
У ліку тым — і на свае радкі, —
Хай кліча іх не слава, а спякотнасць,
Град, дзе ад смагі млеюць агуркі.

Для мёртвай глебы, што звініць, як камень,
Для губ, што гінуць без вады глытка,
Гатоў цябе я вычарпаць рукамі
Ад верхняга да ніжняга вянка.

Ты мне патрэбна,
                               як вада жывая
Гадамі абцяжаранай вярбе...
Але другім (ах, кніжка запісная!)
Я аддаваў і аддаю цябе!

4
За спёкай — лівень, за бядой — бяда...
Стань сонцам над палеглай збажыною!
Ты падымі яе і пяцярнёю
Падай у шасцярню малацьбіта.

Ён вымярае час па іншай мерцы,
Не па начным гадзінніку свяціл —
Па зорцы пяцікутнай, сцёршы з дзверцы
Рабочае кабіны жніўны пыл.

I загаворыць зорка польнай працы
З далёкай зоркай той, якую ў бой
Нёс бацька, дзед яго, а можа, прадзед
Па цаліне, тады яшчэ пустой.

Вагой крыві тут вымяралі страты
З адвечнай марай аб вазе зярнят.
Іх бой — твой бой,
                                 хоць жне не аўтамат,
А косяць і малоцяць не гарматы.

Цяжкі наш хлеб. Ад лёсу не прасі ты
Лягчэйшага. Лягчэйшага — няма.
Бязмежны стэп прасеяўшы праз сіта
Душы, ты хлебам можаш стаць сама.

Хай хмары ходзяць нізка, вечар блізка,
А восень лісце гоніць з краю ў край,
Як пахне хлеб!..
                             Ах, запісная кніжка,
Кладу цябе на стол, як каравай!

5
Магчыма, ты жадаеш быць ракетай,
Бязважкай стаць?.. Я знаю, караблю
Не церпіцца з касмічнай кропкі гэтай
Зірнуць староннім вокам на зямлю.

Але навошта нам ляцець з табою
На пошукі бязважкасці, калі
Мы перад непрытульнасцю зямною
Сваю бязважкасць чуем на зямлі.

О, колькі бед — галодных, босых, голых
Па свеце ходзіць! Як пакінуць іх?
Яны яшчэ не адляцелі з кола
Нямых і неабжытых гнёзд маіх.

Я не жадаю ім галечы чорнай,
Я так скажу, калі настане час:
«Ляціце, дзеці памяці маторнай
I зрокавай! Я адпускаю вас.
Я хлебам вас сустрэў каля парога
I не кішэннай дробяззю манет
Правёў за свой парог. Каля другога —
Я ўжо не гаспадар. Ляціце ў свет!»

Ляціце ў свет!
                         Ах, кніжка запісная,
Пакуль жыву, жыві і ты са мной.
Чым будзеш заўтра — сам яшчэ не знаю.
Адно прашу: будзь кніжкай запісной!