Так, мы — сябры па сэрцу і па зброі...

Сярэдняя: 3.3 (4 галасоў)

Так, мы — сябры па сэрцу і па зброі,
Вядомы арсенал байцоўскі наш:
Чарніла і чарніліца, пяро і
Хімічны альбо просты карандаш.

Мне нечым перад вамі ганарыцца,
Сябры!.. Адны ў нас пушчы і палі,
Засмаглымі радкамі з іх крыніц мы
Адзін і той-жа халадок пілі.

Мне на жыццёвых шалях перавагі
Лёс не адважыў. Толькі ў тым яна,
Што доўгі шлях маёй няўтольнай смагі
Не абарвала ранняя труна,

Што я далей друкую крок, нібыта
Па бітым шкле — па муках, па вайне...
А ўсё, што мною знойдзена, набыта,
Належыць дружбе нашай, а не мне.