Таварыш соснам, караедам вораг...

Tagged:  
Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

Таварыш соснам, караедам вораг,
Мой верш, як дзяцел, зранку на нагах
Укручваецца ў неба па ствалах,
Аб дрэвах непакоячыся хворых.

За дзень не раз іх выслухае ён,
Абстукае з макушкі да карэння —
Пад доглядам яго расце бярвенне,
Падпоры шахтам гулкія, як звон.

Аб людзях дбае, каб у падвалінах
Іх новых хат не завялася гніль.
А хто падлічыць, колькі соцень міль
Пратупаў ён птушыных па лясінах?

А колькі тысяч маладых хваін
Адратаваў ён у бары сасновым?
А колькі вандраваць яму, каб словам
Боль загаіць людскі, хаця б адзін?