Я пісаў бы, як раней, пра зоры...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Я пісаў бы, як раней, пра зоры,
Залятаў бы мараю на Марс,
Каб не чуў усё жыццё дакоры:
А Зямля? А рух працоўных мас?

Сёння Месяц працаю абжыты,
А ў паэтаў з Космасам — саюз,
Марс, не парушаючы арбіты,
Сам кіруе да сузор'я Муз.

I яны захоплена вітаюць
Новага паклонніка свайго,
Шматгалосым хорам услаўляюць
Штучных спадарожнікаў яго.

Толькі я не склаў ніводнай оды
Збудаванням, што на ім відны, —
Вечным спадарожнікам вайны
Змрочны Марс здаваўся мне заўсёды.

На чале крывавую пячаць
Смерцю высек часу ход суровы —
Прывітанняў з чалавечай мовы
Там няма каму перакладаць.